Павяртайся жывым...
І малітва аціхла паўсловам.
Павяртайся жывым
Між радкоў, што па стужцы бягуць.
Бо ты наш пабрацім –
Усе мы схіляем галовы.
Горкі попел і дым...
Стрэла чорнага, страшнага гук.
Але неба не чуе, яно прыняло пабраціма.
Ён застаўся ў раллі, у гасціннай суседскай зямлі.
І гукае яго праз крывавыя межы Радзіма,
І гарачае рэха ірвецца ў адказ: мне баліць...
Мне баліць! Мне баліць. Гэты боль не аціхне ніколі,
У краіне краінаў, дзе сёння згубіўся наш шлях.
Павяртайся жывым, і мы разам памкемся да волі,
Мы абдымем сваіх і загоіць нам раны Зямля.
Так, зямля, што ніяк не адбудзецца Новай,
Не прачнецца, не выслізне з путаў бясконца-ілжывага Сну,
Пабрацімы ідуць і пяюць жывевечныя словы.
Паміраюць улетку і тым абуджаюць Вясну.