Ціхаю журбой забраны, адзінотаю спавіты
Твой халодны змрочны ранак плача, бо інакш не можа.
Сон ласкавы, беззаганны, светлы, лёгкі, сакавіты
Толькі сон, таму дагэтуль не зрабіўся явай Божай.
Усміхніся Болю мякка. Ён цябе бароніць шчыра
Ад Надзеі пустазелля, ад ікластага Даверу...
Так, Свабода гэта Споведзь, але болей гэта Вырак,
І яе бясконцай прымхай немагчыма ўсё ж памераць.
Пані ў рыцарскім рыштунку мае нораў бездакорны,
І тугу па родным краі, што аднойчы вольным стане!
Ноч растане, задыхнецца... Новы дзень не будзе чорным,
Нават калі гэткім сёння тое станецца світанне.
Хай тваё "Жыве!" дудою праспявае над акругай,
Хай яго пачуць птушкі, хай яго звяры пачуюць.
А Любоў над цэлым светам уздымаецца харугвай,
Уздымаецца да неба і яе ўвесь свет адчуе!